|
У народзе гаварылі, што немцы могуць напасці на Савецкі Саюз. На былой савецка-польскай мяжы чырвонаармейцы будавалі ўмацаванні. Называлі іх “точкі”. Гэта жалезабетонныя ўмацаванні: што наверсе, што ў зямлі. Не ўдалося нашым салдатам пры адступленні іх як след выкарыстаць. Нядзеля, 22 чэрвеня 1941 года. Мы, падлеткі 15-16 гадоў, пайшлі на камсамольскі сход у сельскі Савет. Было 10 гадзін. Бачым, як у небе ляцяць самалёты белыя з захаду на ўсход. Нямецкія. Людзі кажуць, што гэта чэшскія самалёты, якія немцы забралі пасля акупацыі гэтай краіны. Сход камсамольскі адбыўся. Аднаму з камсамольцаў даручылі добра схаваць камсамольскія дакументы, што і было зроблена. З першых дзён вайны войскі Чырвонай Арміі ехалі з усходу на захад. Іх было многа. У касках, са зброяй. Запыленыя. Стаяла невыносная гарачыня. Але прайшло няшмат часу. І нашы войскі ўжо адступалі з захаду на усход. На некаторых машынах ехалі цывільныя, жанчыны і дзеці. Ішло адступленне. Прайшло некалькі дзён, як пачалася вайна. Быў скінуты і нямецкі дэсант. Неўзабаве мы ўбачылі і немца. Немец ішоў адзін з аўтаматам на шыі. Рукавы закасаны да локця. Ішоў ён на ўсход па дарозе, якая вяла да савецка-польскай мяжы. Дарога была ля нашай хаты, якая была крайняй і стаяла на скрыжаванні. З’явіліся немцы і на суседскім двары.
Я быў хударлявы, высакаваты хлопец. Насіў ваенную гімнасцёрку. Пастрыжаны быў пад машынку. Мама мне кажа: “Віця, ідуць каровы з пашы. Ідзі і прыгані сваю Рагулю”. Я ўзяў дубец, заняў карову і ганю дамоў. У гэты час адзін немец падыходзіць да мяне і кажа: “Зольдатэн, зольдатэн”. Цягне да сябе і не адпускае. Убачыла гэта суседка і бягом да нас. – Алеся, Алеся (так звалі маю маму), ідзі, немцы Віцю пацягнулі.
Маці ў слёзы ды бяжыць па двары да дзядзькі Лукаша (бацькаў брат). Ён скончыў Нясвіжскую беларускую семінарыю і валодаў нямецкай мовай. Дзядзька Лукаш зразумеў сітуацыю і подбегам кінуўся мяне ратаваць. Даволі доўга ён даво-дзіў немцам, што я не салдат, а школьнік. Адпусцілі. Доўга мы потым з дзядзькам гутарылі. Дзядзька сказаў, каб я больш не насіў гімнасцёрку. Так пачалося жыццё пры нямецкай акупацыі. Каб купіць солі, трэба было ехаць у горад. Туды мяне направілі бацькі. Пакінуўшы веласіпед у знаёмых, я пайшоў у горад. Мне трэба было перайсці вуліцу. Я крыху затрымаўся на бруку. І тут паліцыянт, які стаяў далекавата ад мяне, стрэліў па мне. Падумаў, што я яўрэй. Тады яўрэяў зганялі ў гета. Добра, што так абышлося. Пранясло. Бог мяне мілаваў…
Калі ў горадзе расстрэльвалі яўрэяў, то ў нас, у вёсцы, было чутно. Былі і нейкія выбухі. Вецер быў з боку горада. Я вельмі хваляваўся. Не знаходзіў сабе месца. Не мог зразумець, за што расстрэльваюць яўрэяў, ні ў чым не вінаватых людзей, мужчын і жанчын, старых і малых. Страх гэта ўспамінаць. Фашысты бязлітасна знішчалі людзей.
Пачалі з’яўляцца партызаны, каб весці барацьбу з нямецкімі захопнікамі. Іх падтрымліваў народ. Карміў і апранаў. Было многа пакінута адступаючымі войскамі зброі. Мы, маладыя, яе збіралі і хавалі. На ўсякі выпадак. Два нашых таварышы наладзілі сувязь з партызанамі. Аддалі ім зброю і пайшлі ў партызаны. Пабылі там недзе з нядзелю і з’явіліся дамоў. Ім нехта параіў схадзіць у гміну і расказаць, чаму так доўга не былі дома. Так яны на сваю бяду і зрабілі. Ноччу з’явіліся партызаны і іх забралі. Недалёка ад нашай хаты быў клуб. Партызаны яго спалілі, каб немцы там не зрабілі гарнізон. Недалёка ад нашага сяла стаяў ваенны гарнізон, у якім былі славакі. Яны часта легкавымі адкрытымі машынамі ездзілі ў горад: то каля нас, то праз другое сяло. Падпольшчыкі паведамілі партызанам, што славакі будуць ехаць праз сяло. Яны зрабілі засаду. І ўсіх іх пабілі. І пераможцамі пайшлі ў лес. Ад нас усё гэта было відно. Гэта і быў пачатак партызанскага руху адразу пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
З нашай вёскі ніхто не пайшоў у паліцыю. Узялі сілай некалькі чалавек. Нікога не вывезлі ў Германію. Нехта з горада перадаваў, што едуць браць моладзь, каб вывезці ў Германію. Былі і свае партызаны. Але гэта ўсё пачатак. Наперадзе была яшчэ цяжкая барацьба з фашызмам, які мы перамаглі, вызвалілі сваю тэрыторыю і краіны Усходняй Еўропы ад акупантаў і атрымалі Вялікую Перамогу 9 мая 1945 года. Вікенцій МАРОЗ, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
17 чэрвеня 2011
Комментариев: 1 | Просмотров: 1135
| распечатать
|
|