|
Хутка лета. Дзе якія лагеры будуць працаваць у нашым раёне, які кошт адпачынку, як атрымаць пуцёўку – пра ўсё гэта расказала галоўны спецыяліст Рэспубліканскага цэнтра “Прадстаўніцтва Брэсцкага абласнога ўпраўлення па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Івацэвіцкага раёна” Лілія Пятроўна Слесарэнка.
Кожны знойдзе лагер па інтарэсах У гэтым годзе ў раёне дзяцей прымуць на адпачынак аздараўленчыя лагеры з дзённым і кругласутачным прабываннем. У раёне будзе дзейнічаць адзін загарадны стацыянарны лагер “Дубравачка”, які за лета прыме 680 дзяцей. А ва ўсіх лагерах ў цэлым плануецца аздаравіць амаль 3 тысячы чалавек. Для таго, каб задаволіць попыт, выкарыстоўваюцца розныя магчымасці. Дзіцячыя сады ў Івацэвічах, Косава, Целяханах і Горталі прымуць амаль 300 дзяцей на аздараўленне з кругласутачным прабываннем. Ужо некалькі гадоў запар арганізуецца адпачынак дзяцей з кругласутачным прабываннем у профільных лагерах “Выратавальнік” (у гэтым годзе будзе працаваць у “Дубравачцы”) і “Пошук” (у Целяханскай школе-інтэрнаце). Змены ў іх доўжацца дзевяць дзён. Акрамя таго, у “Дубравачку” набяруць спартыўныя атрады (футбол і дзюдо). А яшчэ будзе працаваць толькі спартыўны лагер для 220 дзяцей (дзевяць дзён) – адна змена на базе прафліцэя і адна – на базе ліцэя Івацэвіцкага раёна. У агульнаадукацыйным ліцэі адкрыецца лагер “Адораныя дзеці” – з кругласутачным прабываннем на дзевяць дзён (набіраюць 50 чалавек). У аздараўленчыя лагеры з дзённым прабываннем прымуць дзяцей 26 школ раёна і два дзіцячыя сады – у Івацэвічах і Косава.
Чатыры змены – у “Дубравачцы”, адна – у астатніх лагерах У “Дубравачцы” дзяцей традыцыйна будуць прымаць ў чатыры змены. Першая змена – з 4.06.2011 па 24.06.2011, другая – з 26.06.2011 па 11.06.2011, трэцяя – з 14.07.2011 па 31.07.2011, чацвёртая – з 3.08.2011 па 20.08.2011. Лагеры ў школах, дзіцячых садах, а таксама профільныя лагеры будуць працаваць у адну змену. Зараз у “Дубравачцы” вядуцца работы, базу рыхтуюць да заезду першых адпачываючых. Лагер павінен быць гатовы да 25 мая.
Змяніўся кошт адпачынку Цана пуцёўкі ў “Дубравачку” паднялася нязначна ў параўнанні з мінулагодняй – на 15 працэнтаў, і залежыць ад узросту адпачываючага. Калі ўзрост яго – 6-10 гадоў, то поўны кошт пуцёўкі складзе 500 тыс. рублёў, 11-13 гадоў – 520 тыс. рублёў і 14-17 гадоў – 535 тысяч рублёў. У дзіцячых садах кругласутачны адпачынак дзіцяці будзе каштаваць 375 тыс. рублёў, дзённае прабыванне ў залежнасці ад узросту – 153-175 тыс. рублёў. Па ўзгадненні з Міністэрствам працы і сацыяльнай аховы і Міністэрствам фінансаў зацверджаны памеры сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, што дазваляе зрабіць пуцёўку больш таннай: для дзяцей ў аздараўленчыя лагеры з кругласутачным прабываннем – 310 тыс. рублёў, з дзённым прабываннем – 130 тыс. рублёў, у профільныя з кругласутачным прабываннем – 135 тыс. рублёў. Розніцу паміж поўным коштам і датацыяй могуць аплаціць самі бацькі ці арганізацыя, у якой яны працуюць.
Пуцёўкі – дзецям працуючых бацькоў Бацькі, якія жадаюць адправіць дзіця ў “Дубравачку”, павінны напісаць заяву з прыкладзенай копіяй пасведчання аб нараджэнні ў камісію па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па месцы працы аднаго з бацькоў. Пачынаючы з другой змены, напрыклад, маці павінна прадставіць даведку аб тым, што дзіця не наведвала лагер у першую змену па пуцёўцы, атрыманай бацькам па месцы яго работы. Атрымаць пуцёўку не можа дзіця, чые бацькі не працуюць і не стаяць на ўліку ў цэнтры занятасці. На бясплатную пуцёўку могуць прэтэндаваць дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў.
Таму, хто жадае аддаць дзіця ў лагер за межамі нашага раёна ў Брэсцкай вобласці, патрэбна звярнуцца з такой просьбай па месцы работы і потым заказаць пуцёўку ў тым лагеры, куды ён мае намер накіраваць дзіця. Дзеці, якія па медыцынскіх паказаннях маюць патрэбу ў санаторным лячэнні, могуць атрымаць пуцёўку па месцы работы аднаго з бацькоў на працягу ўсяго года згодна чарзе ў арганізацыі ці на прадпрыемстве. Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
24 мая 2011
Комментариев: 3 | Просмотров: 1480
| распечатать
|
|