|
Сёння заканчваецца тыдзень лесу. У яго рамках і на тэрыторыі нашых лясгасаў высаджана нямала дрэў. А ўчора работнікі Івацэвіцкага лясгаса і работнікі райвыканкама пачалі закладку новага парку непадалёку ад адміністрацыйнага будынка Івацэвіцкага лясніцтва. Парк гэты размесціцца на 4,5 гектара і з цягам часу стане прываблівым месцам для адпачынку гараджан. Бо тут будуць расці больш за 100 розных парод дрэў, а ўсяго іх будзе 4000. У парку будуць дарожкі і алеі. ----- Тыдзень лесу ў Вялікагацкай сярэдняй школе пачаўся зборам вучняў на сонечнай лясной палянцы разам з супрацоўнікамі Калінінскага лясніцтва на чале з яго ляснічым Мікалаем Брычкалевічам. Ляснічы расказаў дзецям аб карысці лесу, аб штогадовай акцыі, аб рабоце лясніцтва па ахове і зберажэнні ляснога багацця краіны, аб людзях, якія працуюць у лясніцтве. Затым паказаў, як трэба садзіць маладыя хвойкі і бярозы. І закіпела работа. Сяргей Лось, Мікалай Галоўчык, Міхаіл Калтуневіч, Віталь Гарбавец, Ілля Скарупіч і Вадзім Карчомны рабілі ямкі, а Аліна Басалай, Наталля Чуйко, Ілона Кучура і Ліза Басалай садзілі маладыя, кволыя хвойкі і бярозкі. І хутка плошча ў 1,1 гектара была засаджана. З задавальненнем мы частаваліся бярозавікам, які падрыхтавалі для рабят леснікі Сяргей Пушыла і Сяргей Квашэвіч. Пройдуць дзесяцігоддзі. І зашумяць бярозы і сосны, якія мы пасадзілі. Уладзімір Сліж, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вялікагацкай САШ.
|
|