|
Невялікая вёска, што знаходзіцца ў Падстарынскім сельскім Савеце, размешчаны ўсяго ў чатырох кіламетрах на поўнач ад Івацэвіч.
Несумненна, што ў вёсцы даўняя гісторыя, але ўпершыню яна прыгадваецца 6 мая 1698 года, калі ўдава ваяводы віленскага і гетмана ВКЛ Паўла Яна Сапегі (1609 – 30.12.1665) Ганна з Копцяў уласнаручным запісам даруе ўніяцкай царкве ў Борках дзве валокі зямлі ў вёсцы Азярцо з правам уезла да пушчы і карыстаннем язамі на рэчцы Грыўда. Зрабіла яна гэта ў знак памяці аб цудадзейнай іконе Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Багародзіцы, якую знайшлі на сасне ў недалёкім лесе 24 чэрвеня 1670 года. Не станем арыгінальнымі, калі адзначым, што на тэрыторыі Беларусі, як азёрнай краіне, засталося, існуе шмат тапонімаў, асновай для якіх паслужыў апелятыў возера ў розных лексічных яго значэннях і формах.
У дадзеным выпадку Азярцо азначае пасяленне людзей каля невялікага возера. Думаем, што будзе дарэчы прыгадаць некалькі з шматлікіх мікратапонімаў, запісаных аўтарам у нашым раёне з блізкімі да Азярца назвамі. Гэта Азярко (луг) у Падстарыні, Азярцо (балота) у Рудзе і Грыўдзе, Азярышча (балота) у Гошчаве, Козіках і Яглевічах, Азярыско (балота) у Заполлі Быценскага сельсавета і Заполлі Косаўскага сельсавета інш.
|
|