|
Пачынаецца лета. Гэта час, калі ў дзяцей з’яўляецца шмат вольнага часу, кантроль з боку дарослых не такі строгі. Колькасць правапарушэнняў, што здзяй-сняюць непаўналетнія ў летні час, узрастае ў разы. Таму кантроль з боку дарослых павінен заставацца строгім. Вось адзін з прыкладаў, які не пакінуў раўнадушнымі многіх. У Івацэвічах у красавіку зарэгістраваны шэраг крадзяжоў з аўтамабіляў. Мы праз пэўны час затрымалі двух маладых хлопцаў, на сумленні якіх гэтыя крадзяжы. Дадзены факт стаў вялікім патрасеннем для іх бацькоў, бо сыны былі на добрым рахунку ў школе, належнымі паводзінамі вылучаліся ў сваіх сем’ях. А тое, што сыны вечарамі дзесьці гулялі, прыходзілі дадому позна ноччу – дык тут, маўляў, няма нічога дзіўнага: у такім узросце ўзнікаюць першыя рамантычныя пачуцці… Але тут была іншыя “рамантыка”: хлопцы кралі магнітолы, здымалі акумулятары. Хочацца спытаць у бацькі аднаго з гэтых маладых “гарэз”: чаму ён не пацікавіўся ў сына наконт таго, чаму ў яго гаражы сталі з’яўляцца тыя ж акумулятары, іншыя рэчы, якія каштуюць немалых грошай?.. …Не паспела пачацца лета, як у суседнім Ганцавіцкім раёне зарэгістраваны першы тапелец – ім стаў, на жаль, непаўналетні. У Лунінецкім раёне вось ужо тры месяцы ідзе пошук двух школьнікаў-хлопчыкаў, якія пайшлі з дому і месцазнаходжанне якіх невядома і цяпер. Цяжка перадаць словамі тое гора, якое прыйшло ў сем’і гэтых хлапчукоў! А колькі праблем стварае “цікавасць” непаўналетніх да матацыклаў і скутэраў!..
На летні перыяд райаддзелам міліцыі запланавана правядзенне акцыі “Клопат”, якая прадугледжвае правядзенне шэрагу мерапрыемстваў. Сярод іх – забеспячэнне занятасці непаўналетніх і іх бяспекі ў час канікул, дапамога ў працаўладкаванні, наведванне месцаў адпачынку, правядзенне злётаў, сярод якіх адзначу абласны злёт на беразе Вулька-Целяханскага возера. Ён пройдзе 16-17 чэрвеня, сюды будуць запрошаны юнакі і дзяўчаты з усёй вобласці, хто стаіць на ўліку па справах непаўналетніх. Будуць праведзены прафілактычныя гутаркі, спартыўныя спаборніцтвы. Будзем, як кажуць, разам шукаць ключык да сэрцаў дзяцей, што сталі на шлях парушэння закону.
Паважаныя бацькі! Давайце зробім усё магчымае, каб лета падарыла нам усім толькі станоўчыя эмоцыі! Аляксандр ГУК, начальнік Івацэвіцкага РАУС.
|
|