|
У мінулую суботу на лыжаролернай трасе паблізу пасёлка Мір Баранавіцкага раёна прайшла абласная спартакіяда “Брэсцкая лыжня-2011”. Удзельнічала 20 каманд, каля 300 чалавек з усіх раёнаў і гарадоў выступілі ў пяці намінацыях: паміж сямейнымі калектывамі; паміж аграгарадкамі; гаррайвыканкамамі; таксама быў дадзены масавы (2 км) і мужчынскі (4 км) старт. Прыемна адзначыць, што ў ходзе эстафетнай лыжнай гонкі паміж сямейнымі калектывамі пераканаўчую перамогу атрымала сям’я Куцко з в. Вулька-Аброўская (на здымку). На старт першай выйшла Наталля Куцко, якая пераадолела дыстанцыю трэцяй, але сын Сяргей на сваім адрэзку змог абагнаць сапернікаў і выйсці на першае месца, з якога перадаў эстафету бацьку, які, ў сваю чаргу, прайшоў дыстанцыю бездакорна, хоць моцныя сапернікі (асабліва з Баранавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў), як кажуць, літаральна дыхалі ў спіну. – У нашай сям’і ўсе любяць хадзіць на лыжах, і, увогуле, займацца спортам, – расказвалі пасля фінішу шчаслівыя пераможцы муж і жонка Наталля і Мікалай Куцко. – Да гэтага дня ўдзельнічалі неаднаразова ў самых розных першынствах, але першае месца на абласным узроўні атрымалі ўпершыню. Ганаровы кубак, медалі, прызы і граматы сям’і Куцко ўручылі старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар і намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык… І на іншых дыстанцыях каманда нашага раёна, якую ўзначальваў старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук, выглядала дастойна і была ў ліку лепшых. Аляксандр ГОРБАЧ.
|
|